Паэзія

Валацуга

Гавань народаў,
Горад пад вежай
Зноў валацугу вітае віхурам.
Валіцца ветах
З выцвілай сцежкі
Выспаў пагоркаў,
Дахаў панурых.

Горад-апоўзень,
Горад-замежжа,
Горад-фланёр
Блізка-далёкі.
Даўні драпежнік —
Чый, белавокі?
Чый, прайдзісвет
Зніклай эпохі?

Горад адкажа:
--Віхур мацнее,
Горад адкажа:
--Варта хавацца!
Месяц, — лапоча, — падзе безнадзейна
Мне на макушку...

Канец адказа.

Часткай тваёй я ніколі не стану —
Часткай раскошы, часткай галечы.
Добра.
Мне добра ад гэтага стану!
Зноўку вярнуся
Госцем адвечным.

верасень 2017




***

Бачыць свет
Паліраваным дыяментам...
Вось бы!
Навучы мяне плакаць
З такіх дробезяў,
І мае слёзы
Змыюць хоць крыху
Замёрзлага пылу
З наждачнай паперы,
Што даўно не здольная
Нас паліраваць.

08.06.2017



Эверэст


Горы знікаюць.
Іх выпарае
Барвовы гігант,
Што нябёсы скарае.
Крывавае неба,
Два сілуэты.
Абодва — у скафандрах:
Чырвоны, шэры.
Месца калісьці было Эверэстам,
Крытым снягамі,
Крытым ільдамі,
Крытым сцягамі.
"Хапіла бы веры!"
Два сілуэты:
Чырвоны, шэры.
Святло ірдзяное
Даліну заліла,
Што ўнізе ляжыць.
Пара бачыць свяціла,
Якое заходзіць у апошні раз
Над планетаю-продкавым домам.
Удалечыні стаіць колам
Калона, якой сотні тысяч гадоў,
На яе йдуць зірнуць касманаўты.
"Апошні світанак ужо надышоў!"
"Ці будзе заход?"
"Не ўбачым..."
Нашчадкі зямлянаў паўзуць у паход
Па пустэльні з подыхам цяжкім.
Дайшлі праз гадзіну да рэшткаў старых,
І бачаць, ля іх — не калона!
Манумент, аргумент, пастамент, кампанент,
Перад імі — літая асоба.
Хоць не бачна ўжо твару,
Сваім жэстам скарае ён сотні планет,
У кабуры ў яго — пісталет.
Дзве асобы кранаюць яго за нагу,
Манумента нага ўжо пацёрта
За мільёны гадоў з панавання яго
Помнік гэтак стаяў вельмі цвёрда.
Толькі зараз пачаў выпарацца адсюль
Гарачэзным расплаўленым сонцам.
Можа дзень, можа два засталіся пакуль
Ён знікне.
Знікне.
Не.
Лідар думаў, магчыма ўладарыць Зямлёй,
І, тым болей, рабіць гэта лоўка.
Але ў Зямлі ёсць адзіны ўладар --
Той барвовы гігант,
Што вісіць па-над ёй,
І яму засталося нядоўга.

кастрычнік 2016





***


Чалавек абжыўся.
Пайшоў па Зямлі.
Грузіць бетонам абшары.
Заводы растуць.
А там, ўвышыні --
Наступныя нашы
Ахвяры.

красавік 2017





Ружа

Сціплая ружа нясмела 
Праглядае з панурых аблокаў. 
Канчатак скопішча зор, 
Пачатак новых сузор'яў.
У цемры ажно без паходняў
Заўважны ярчэйшы калёр —
Глядзелі на досвітак сёння,
Асветлены скопішчам зор.

Паветра — ільдзянае мора.
Але праз прадказы святла
Зусім не сцюдзёна.
Панове!
Мы бачылі досвітак сёння,
Бо ружа перамагла! 


10.06.2017



Завіруха ў траўні

Завіруха ў траўні
Не даруе небу:
Нізрынае багнай
У пялёсткі дрэў;
На тэрасаў мэблю
Сыплецца пабелам;
Са снягоў сатканы
Дзьмухаўцоў пасеў...

Толькі зазірнула
У край замёрзлы спёка --
І яе адразу ж
Лёд сячэ крыжом...
У траўні завіруха
Надыходзіць лёгка,
А сыходзіць толькі
Чэрвеньскім дажджом.

травень 2017










***

З пакрытага коркаю долу
Шчыльнымі промнямі зор
Снег белабрысы падае
У бясконцы нябёс калідор.

Назад усё у сусвеце коціцца
І сонца заходзіць на ўсход,
Аблокі павольна маркоцяцца,
У імгненні праносіцца год.

З усімі такое здараецца:
П
адзеі жадаем змяніць...
Нашто на мінулае скардзіцца?
Мы здольны яго перажыць!

снежань 2016





Адліга

Шарэла сцяна,
Што кавала здаўна
Ланцугамі сцюдзёнага лёду
Усю планету.
Праз долю прыгнёту
Надакучыў ёй гром бізуна.
Цяплець пачало,
Што лёдам было,
Сонца ўвышкі вяртаецца спраўна --
Праз аблокі плаўна
Абуджае святло,
Але потым ляжыць
Марнатраўна.

Даўнюю лёду сцяну
Цёплай рукой
Варухну.
Зямлю не сагрэеш адлігай --
Нясіце хутчэй ёй
Вясну!

люты 2017





Воля Зеўса?

Вузкія вуліцы Вільні
Залівае штучнае сонца:
Горача, хоць цямно --
Нібыта ў лазні-парыльні.
Князі тут змяніліся дзіўна
Спачываў -ін ці -герд, піў віно,
А з блізкае далячыні,
Хто сплыў з-пад прыгнёта даўно,
Свой Вільнюс з парэшткаў стварылі:
Дадалі князям -іс і -ас,
А з модных кавярняў урубілі
Летувіскі
Джаз.

У той час,
Як здзяцінеўся пляц,
Ліўні толькі хутчэй усё залілі,
А бліжэй да Гары ўжо чакаў
Старажытны бог Зеўс
Нас.
Сярод усёй сучаснай ванілі
Гедыміна гара, бы Алімп,
Усё-ж ззяе агнём у далячыні
Ды самотная вежа стаіць...
Раптоўна -- вялізны апоўзень,
Ён цягне гару за сабой,
А ў паветры,
Дзе знікла цяпло,
Над гарою пачвара вісіць,
Што з'явілася, знішчыўшы поўдзень,
Невядомым што стогнам крычыць.

Секунда адна,
І гары ўжо няма,
Дзе была --
Толькі шэранькі попел
Страчаны стогн,
Што паветра не схопіў
Згубіла начная імгла.

лістапад 2016


Стары горад

Цэгла і бетонныя абшарпы,
Выбітыя вокны пірамід,
Што вісяць над стогадовым дахам,
Быццам птушак паржавелы скіт.
Вуліцы залітыя металам,
І свінцом, і гільзаў перагарам,
А з падземкі пара пастарэлых скаўтаў
Ледзь даносіць свой гіп-гопны біт.
У атачэнні пластыку шкляных кварталаў,
Той фарпост стары старога веку,
Як калос, што ўбачыў за жыццё нямала,
Усё яшчэ трымаецца, стаіць,
І пакуль ўвесь мегаполіс спіць,
Частка гэтая выконвае харалы
І, нягледзячы на ўзрост, імкнецца жыць.
Тры-дэ прынтар знішчыў стары горад,
У імгненне нарасціў свой пластыкавы грым,
Толькі той квартал трымаецца, як волат,
Над дахоўкамі якога валіць дым.

Не заменіць людзям маладым
Пластыкавы кітч мадэлі пробнай
Той высотны шэры рай
З душою
Непаўторнай.

лістапад 2016


Мяжа часоў

Чорна-белая нітка
Сярод блякла-жоўтае глебы,
Пакрытай восеньскай ноччу.
Лістапад сваю справу скончыў,
І ўжо праз пару хвілінаў
Надыйдзе зіма.
Дык адкінь жа хутчэй капялюш,
І ўладарча пракроч ты па полі!
У каго на зямлі хопіць волі
Самастойна сусвет увесь гарнуць
Ды ў імгненне змяніць пару года?
Толькі ў цябе, Чалавек!
Ты ў адказе за лёс карагода
Дзясяткаў стыхіяў.
Не трэба літота —
Цяпер толькі кнопку націсні...
...І прырода саступіць табе!

У начной загароднай імгле,
Калі з дрэваў падзе ўжо лісце,
Працягні ты руку
У начную смугу
І падзе з неба снег атавізму.

кастрычнік 2016




Час апошніх спеваў


Розныя сцягі --
Аднолькавыя гукі
У сховішчах і дзотах
Граюць да стральбы.
Розныя нажы --
Аднолькавыя рукі.
Розныя пістоны --
Роўныя крыжы.

І дрыжыць паветра,
Што калышуць словы,
Поўныя спадзеваў,
Мкненняў ды мальбы.
Так праходзіць лета...
Бой ужо гатовы.
Час апошніх спеваў --
Ён заўжды
Нямы.

01.06.2017