Плынь. Экспрэсія. Змрок.

   Аб Вальжыне Морт я ўпершыню даведаўся з гутаркі Досвітку: "самая вядомая ў свеце беларуская паэтка", -- такім было азначэнне. Гэта было выклікам аматару паэзіі. Не, мой гаманец тады яшчэ не быў гатовы аддаць усяго сябе на тоненькую кнігу (якая, дарэчы, так і называецца -- "Я тоненькая, як твае вейкі"), але ўжо праз тыдзень лёс закінуў мяне ў добравядомыя шафы кнігарні Логвінаў.
  --Калі цікавіцеся паэзіяй, рэкамендую Морт, -- прагучала за спінай.
Наўпрост у кнігарні я сеў у фатэль і пачаў гартаць старонкі, не разумеючы ніводнага радка. Гэта мяне і заінтрыгавала.
   Тут нельга не звярнуць увагу на адметны псеўданім аўтаркі: mort з французскай перакладаецца як "мёртвая" -- і ў творчасці Вальжыны такой змрочнасці даволі шмат, таму, калі вам больш даспадобы вершы пра кветкі і сонейка, перачытайце лепей поўны збор сачыненняў Агніі Барто. Але ж калі вы натхняецеся дэкадэнствам, зачытваецеся Бадлерам, шукаеце ў кнігарнях лепшых постмадэрністаў і слухаеце Мэрліна Мэнсана (спойлер: гэта не пра мяне), то беражыцеся: дэбютная кніга аўтаркі можа заглынуць як мінімум на пару дзён.
  ..."Торкнула", напісаў бы вядомы персанаж Марціновіча...
  Адметна тое, як Морт зладзіла кампазіцыю свайго першага фаліянта. Яна пачынае гуляць з чытачом вельмі кароткімі, але змястоўнымі вершаванкамі, у якіх бракуе, аднак, і рыфмы, і рытма, а сэнс, мажліва, мы спрабуем шукаць з нічога. Спачатку гэта нагадвае твітар нейкага занадта рамантычнага падлетка, але з кожнай новай старонкай радкі растуць і растуць, пакуль не ператвараюцца ў тое, што ўжо дакладна можна назваць Паэзіяй.
  Верлібры Вальжыны мінімалістычныя, афарыстычныя, але, разам з тым, цьмяныя. Проза (якой знайшлося месца напрыканцы кнігі), з'яўляецца шмат у чым плынню свядомасці бы ў Джэймса Джойса, вельмі неструктураваная і паэтычная, але, разам з тым, прыземленая. У ёй жа бачна ўключанасць аўтаркі ў паэтычную тусоўку: там cустракаюцца і Жыбуль, і Вішнёў, а паслямову да кнігі дае сам Андрэй Хадановіч. Пераклады, якія таксама прадстаўленыя ў гэтай першай кнізе Вальжыны, якасныя. Гэта адзіны жанр, дзе я прымяняю слова "якасны", бо астатняе занадта суб'ектыўна і спецыфічна, і, больш за тое, патрабуе значна больш разгорнутай ацэнкі.
  Тут жа звярну ўвагу на дзіўную арфаграфію Морт (часцей за ўсё, адсутнасць арфаграфіі). Гэта адначасова перашкаджае зразумець інтанацыі вершаў, але дае прастору і варыятыўнасць ды не замінае экспрэсіўнасці, якой адметна аўтарка.
  Адны з самых вядомых вершаў Морт -- "Больніца", "Беларуская мова", "Несанкцыянаваная вясна" і іншыя -- поўныя ёмкіх мастацкіх вобразаў (напрыклад, алюзіяў), бескампрамісныя і досыць жорсткія. Іх цяжка цалкам зразумець з першага разу. Ды і хіба магчыма ўвогуле? У аўтара ў галаве складаецца адна карціна, канцэпцыя, сэнс, а чытачу ўяўляецца нешта абсалютна іншае -- так гэта адбываецца часцей за ўсё.

   Вальжыну па-за межамі Беларусі, на жаль, ведаюць лепей, чым у самой Беларусі. Яна піша таксама і па-ангельску, яе перакладаюць на розныя мовы -- ад шведскай да балгарскай, а жыве Морт цяпер у Злучаных Штатах і выкладае паэзію ў Карнэльскім Універсітэце.

Пасля "Я тоненькая як твае вейкі" выйшла яшчэ дзве кнігі Вальжыны -- англа-беларускамоўная "Фабрыка слёз" і цалкам англамоўны зборнік "Collected Body". Вельмі хутка, 22 траўня, аўтарка прэзентуе ў "Логвінах" сваю новую кнігу, таму зараз самы час паспрабаваць зразумець яе складаную і сваеасоблівую творчасць.