Otryv 2016 -- Level UP!

   Тыдзень таму, калі вы былі ў Менску і выходзілі на вуліцу, вы маглі заўважыць шмат людзей, якія насіліся па горадзе з нататнікамі, мапамі, дзіўнымі аркушамі... І вы маглі самі ўдзельнічаць -- гэта называецца "Отрыв" і праходзіць ужо шмат гадоў у краінах Усходняй Еўропы.


   Сутнасць у тым, што трэба, шляхам наведвання дзясяткаў цікавых мясцінаў у горадзе (ад тых, што ў цэнтры, да менш вядомых -- у мікрараёнах) і адказваць на закручаныя пытанні, якія часам проста здольныя вынесці мозг. І "Отрыв", асабліва не транспартны, гэта найперш адрыў ног, бо трэба амаль няспынна хадзіць дзясяткі кіламетраў на працягу сямі -- дзевяці гадзін (транспарт амаль цалкам забаронены) -- і ў гэтым ёсць свой кайф, асабліва калі ўрэшце даходзіш да сваёй наступнай мэты і правільна пішаш адказ. 
   Старт -- з Ліцэю БДУ. У час, калі нашая каманда прыйшла туды, у двары ўжо стаялі сотні ровараў -- для тых, хто абраў двухколы "Отрыв". Файнае відовішча. 
   Сама атмасфера ў Ліцэі ў гэты час -- проста выдатная. Калі мы атрымалі заданні, хацелася заставацца там і планаваць, але мы вырашылі ўсё рабіць на працягу маршрута да першай кропкі. 
   Падчас гэтага "Отрыва" знайшлі шмат сапраўды цудоўных месцаў, шмат выдатных відаў і атмасферных лакацый. Гэта было крута. Але і тут не абышлося без граму камедыі -- каля музычнага каледжу да нас выбегля бабулька-вартаўніца і пачала казаць, што гэтая гульня  незаконная, і што зараз сюды прыедзе "милиция и ОМОН". Вось гэта сапраўды смешна. Мы ж проста ходзім, нікога не чапаем, а арганізатар -- Ліцэй БДУ. Якая міліцыя? Можа, яна мела наўвазе тое, што яны таксама хочуць паўдзельнічаць? ...
   Шмат кантрольных кропак знаходзіліся побач з бонусамі, якія дадавалі час. Але многія каманды, як высветлілася пазней, да бонусаў не дайшлі -- а яны былі зусім побач. Але і мы не лепш -- прапусцілі некалькі кантрольных кропак, якія былі якраз побач да нас.
   Добрая рэч -- "Отрыв". І выбраць можна такі, які хчаш -- роварны, транспартны, пешаходны, пешаходны бліц, ці проста шпацыр. Усё як мае быць. 
   Адзінае пажаданне -- беларускі адрыў зрабіць па-беларуску. Было б лагічна.

P.S. Я сам не фатаграфаваў, але ў інтэрнэце можна знайсці шмат фотак, напрыклад, вось справаздача Яўгена Банкоўскага.

Таксама чытайце наконт нядаўняга Спеўнага сходу.